212026, г. Могилев,
ул. Орловского, 24Б
Схема проезда
Пн. - Пт.
с 9.00 до 18.00
Перерыв: 13.00-14.00
(8 0222) 64-79-01
ok_proos@mogilevpriroda.gov.by
Электронное обращение
Среда, 17 августа 2022 13:12

Зубр у Лапічах

Зубр 222Незвычайны выпадак  абдыўся ў чацьвер на вуліцы Берагавая, што ў аграгарадку Лапічы. На адну з тутэйшых сядзіб завітаў зубр. Жывёліна невядома адкуль з’явілася ў ранішніх прыцемках і  не менш таямніча знікла наступнай ноччу. Але паспела прыцягнуць увагу як мясцовых жыхароў, так і зацікаўленых афіцыйных  асоб. “Зубрыную экспансію” яны разглядаюць  с розных пунктаў гледжання.

Андрэй Баханок,  гаспадар  сядзібы, на якую завітаў зубр:

— Я знаходзіўся ў іншым месцы і  даведаўся пра незвычайнага госця ад патэлефанаваўшых суседзяў. Як можна хутчэй прыехаў на дачу, аднак асаблівых прыкмет  зубрынай прысутнасці не заўважыў.  Ён даволі доўга прастаяў каля  гурбаў будаўнічага пяску, потым спусціўся ў пойму Свіслачы. Там паласаваўся дзікай малінай і залёг у густым хмызняку. Вечарам  зубр  зноў пачаў праяўляць актыўнасць, нетаропка хадзіў па беразе, відаць, думаў, што яму рабіць далей.  А ноччу рушыў праз мой участак, выйшаў на вуліцу і некуды знік.  Па дарозе паспрабаваў агуркі на градцы, але з’еў літаральна пару штук. Відаць, не спадабаліся.

Чаму выбраў менавіта маю сядзібу? Яна зручна размешчана адносна рачной поймы і  яшчэ не цалкам  добраўпарадкавана. Купіў як дачу  і зараз даводжу да розуму. Цяпер хоць памятную дошку ўстанаўлівай: “Тут быў зубр”.

Юлія Хвісевіч,  галоўны спецыяліст  Асіповіцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Лапіцкія жыхары,  якія першымі ўбачылі  зубра,  адрэагавалі  на з’яўленне  патэнцыяльна небяспечнай жывёліны ў населеным пункце паведамленнем ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях і папярэдзілі суседзяў.

У раёне існуе камісія, якая каардынуе дзейнасць у выпадках, калі трэба “разрульваць” сітуацыі з удзелам дзікіх жывёл (аказанне дапамогі, прадухіленне нанясення шкоды маёмасці і здароўю людзей і г.д.).  Яе прадстаўнікі аператыўна прыбылі на месца і сышліся ў меркаванні, што падзеі разгортваліся так.  Ноччу зубр спрабаваў  перайсці праз шашу Мінск-Гомель, аднак  з-за сеткавай арагоджы быў вымушаны  змяніць кірунак.  Пераплыў раку Свіслач і неспадзявана для сябе апынуўся ў населеным пункце. Для дзікай жывёліны сітуацыя стрэсавая, таму вяскоўцам было рэкамендавана стварыць вакол зубра зону спакою:  не шумець,  без  вострай неабходнасці не выходзіць з дамоў, не пакідаць без нагляду дзяцей і сабак. На бліжэйшых да месца днёўкі жывёліны сядзібах адчынілі ўсе брамы, і лясны госць такую ”ветлівасць” ацаніў.

Мяркуючы па слядах,  ноччу ён мэтанакіравана рушыў  на  захад ад месца днёўкі. Хутчэй за ўсё ў бок былога вайсковага палігона, — там  досыць шчыльныя зараснікі кустоўя.  Альбо схаваўся ў прыбярэжных зарасніках, толькі па-за межамі паселішча. Прасачыць яго далейшыя перасоўванні наўрад ці магчыма,  ды і не трэба гэтага рабіць.

Міхаіл Шкутка, вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас”:

—Лапіцкі зубр — самец ва ўзросце каля 17 гадоў. Гэта даволі многа і азначае, што асобіна ў працэсе размнажэння ўжо не ўдзельнічае.  Мяркуючы па вонкавым выглядзе, жывёліна не мае фізічных пашкоджанняў, нармальна развітая.

Зараз папуляцыя зуброў у Асіповіцкім раёне перавышае 540 галоў. Штогод  вымаецца каля 9  асобін: старых, хворых ці небяспечна траўмаваных. Людзей  зубры не баяцца, але ставяцца да іх насцярожана і імкнуцца трымаць дыстанцыю. І даволі паспяхова, у адрозненне ад аленяў і ласёў— тыя завітваюць у населеныя пункты даволі часта. Дзікія жывёлы непрадказальныя ў паводзінах, і што выкліча ў іх агрэсію, прадугледзезць не  магчыма. Блізкія кантакты з буйнымі капытнымі вельмі небяспечныя, і ў падобных выпадках заўсёды трэба звяртацца да спецыялістаў ды скрупулёзна выконваць іх рэкамендацыі.

Прынамсі, памер асіповіцкага зубрынага статка павінен у хуткім часе адчувальна зменшыцца — зімой плануецца перасяліць каля 80 галоў у Бярэзінскі біясферны запаведнік і Чэрыкаўскі раён. Таксама ёсць папярэдняя дамова з расійскімі калегамі, якія зацікаўлены ў набыцці некалькіх дзясяткаў жывёл.

Андрэй Аўчыннікаў, начальнік аддзела Магілёўскага камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прыехаў у наш раён па іншых справах. Аднак узгаданы выпадак уваходзіць у сферу яго адказнасці і назіраў спецыяліст  за развіццём падзей з прафесійным інтарэсам. А потым зрабіў такую выснову:

— Для мяне, як прадстаўніка вышэйстаячай інстанцыі, найбольшы інтарэс уяўлялі кампетэнтнасць і зладжанасць дзеянняў зацікаўленых раённых служб ды адэкватнасць паводзін  вяскоўцаў у нетыповай сітуацыі. Убачаным задаволены:  усе дзейнічалі абсалютна правільна.

 Автор:Дмитрий САВРИЦКИЙ

«Асіповіцкі край»

Прочитано 727 раз